СМАЛЕ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,

адм.-тэр. адзінка ВКЛ у 15—17 ст. Цэнтр — г. Смаленск. Утворана ў 1404 вял. кн. ВКЛ Вітаўтам замест Смаленскага княства. У ходзе вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 С.в. занята ў 1514 маскоўскім войскам, створаны Смаленскі павет. У час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, калі Смаленшчына была занята войскамі Рэчы Паспалітай, сойм у 1613 аднавіў С.в. ў складзе ВКЛ, што прызнала і Расія ў Дэулінскім перамір’і 1618. С.в. падзялялася на Смаленскі і Старадубскі паветы. У 1638 са Смаленскага пав. перададзены ў Полацкае ваяв. Невельская, Себежская і Краснагорская воласці. У выніку Палянаўскага міру 1634, якім скончылася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34, у 1634—45 са складу С.в. вылучаны і перададзены Расіі Сярпейская і Трубчэўская воласці. У С.в. насаджалася шляхецкае землеўладанне на ленным праве. У 1633 атрымаў у лен Невельскую і Себежскую вол. К.​Радзівіл. 9 гарадоў С.в. ў 1611—26 атрымалі магдэбургскае права, у Смаленску створаны 4 рамесныя цэхі. У 1654 у ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 С.в. занята рас. войскамі. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 Смаленшчына засталася ў складзе Расіі, аднак паводле «Вечнага міру» 1686 у склад ВКЛ вернуты Невельская і Себежская воласці.

т. 15, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)